Каты, Лавы, Пацы: падарожжа па вёсках з цiкавымi назвамi

0
21

Драгічыншчына – унікальны куточак па многіх прычынах.

Каты, Лавы, Пацы: падарожжа па вёсках з цiкавымi назвамi

Адна з іх – цікавыя назвы населеных пунктаў раёна: Каты, Новая Цемра, Галік, Лавы, Буды, Пухавая, Пацы, Суткі, Малінаўка, Хідры… Настройваем навігатар і едзем у тапанімічнае падарожжа па Драгічынскім краі. Зараз тут налічваецца 133 сельскія населеныя пункты. Гэта без уліку раённага цэнтра – горада Драгічына і гарадскога пасёлка Антопаль.

Хочаце верце, а не – дык праверце: у Драгічынскім раёне ёсць Каты. Назва гэтай вёсачкі ў Антопальскім сельскім савеце, дзякуй Богу, прысвечана вусатым хатнім муркам. 70-гадовая Раіса Канстанцінаўна Піліпчук (у дзявоцтве Тарасюк), хоць і ўраджэнка Катоў, дакладна не ведае ўзрост роднай вёскі. Жыхароў тут засталося столькі, што хопиць пальцаў на адной руцэ, каб паличыць. Як расказаў старшыня Антопальскага сельскага савета Міхаіл Шчэрбач, цяпер у Катах пастаянна жывуць пяць чалавек, усіх зарэгістраваных там крыху больш – восем. Вёска з такім цудоўным імем, на жаль, неперспектыўная. Людзі з прозвішчамі Кот, Коцік, Катовіч тут цяпер не жывуць. Але ў «Пагаспадарчай кнізе» за 1957 год ёсць запісы аб чатырнаццаці месцічах з прозвішчам Кот. Ужо ў 1970-х гадах у Катах пражывала ўсяго дзве такия сям’і. Апошні носьбіт гэтага прозвішча – Марыя Лук’янаўна Кот – памерла не так даўно, у 2017-м ў амаль дзевяностагадовым узросце.

Каты, Лавы, Пацы: падарожжа па вёсках з цiкавымi назвамi

Зараз мы сядзім на табурэтках, у крэслах, шыкоўных канапах, а раней для гэтых мэт выкарыстоўваліся доўгія лавы. У Драгічынскім раёне ёсць населены пункт Лавы (Антопальскі с/с), а таксама вёска Залаўе (Папінскі с/с). Магчыма, тут некалі даўно жылі майстры, якія выраблялі адмысловыя лаўкі, альбо, не выключана, месцічы практыкавалі ловы – паляванне без агнястрэльнай і халоднай зброі. Як бы там не было, тапонім варты, каб яго запомніць.

Новая Цемра – яшчэ адна вёска з незвычайным імем у Антопальскім сельсавеце. Першае слова як бы намякае, што павінна быць яшчэ і Старая Цемра. Населены пункт з падобнай назвай, Старая Тэмра, і праўда існуе, аднак у Кобрынскім раёне. На Драгічыншчыне ёсць іншыя двухслоўныя тапанімічныя назвы – Папіна і Новая Папіна, Вялікі Лес, Вулька Радавецкая, Вулька Папінская. Назваў з прыстаўкай «за» ў Драгічынскім раёне найбольш: Залессе (ёсць і ў Радастаўскім, і ў Антопальскім с/с), Заверша, Закляценне, Застаўе, Завялёўе, Залужжа, Заплессе, Закозель, Заніўе, Залаўе, Зарэчка, Заточча, Заяленне.

Не ведаю, як вы, але я, даведаўшыся пра існаванне вёскі Пацы у  адразу ж успомніла папулярнага тэлевядучага на канале БТ – Пацу-Вацу. У 90-х гадах минулага стагоддзя ён вёў дзіцячую тэлепраграму «Мульціклуб».  Зялёненькі добры іншапланецянін з мордай кракадзіла на працягу многіх год паказваў і расказваў беларускім дзеткам пра мультфільмы, гісторыю іх стварэння. Паводле біяграфіі абаяльны Паца-Ваца некалі прыляцеў да нас з галактыкі Альфамегацэнтаўра. Там ён сумаваў, таму і выправіўся ў падарожжа на іншую планету. На Зямлі ён пазнаёміўся з дзяўчынкай Наташай, якая паказала яму мульцікі. Паца-Ваца, як і Дзед-Барадзед, – мая настальгія. Іх, напэўна, ужо не вернеш на тэлеэкраны, а вось вёску Пацы, лічу, варта захаваць.

Сірэнеўка – вёска ў Драгічынскім сельсавеце. Яе папярэднікам, як сведчыць Кніга «Памяць», з’яўляўся фальварак Равіны. Цяпер гэта самастойны населены пункт з такою ж назваю. Нібыта раней у ваколіцах Сірэнеўкі раней расло шмат бэзу, таму вёску чамусьці назвалі на рускі лад. Спрачацца не стану, аднак мой філалагічны досвед дазваляе выказаць меркаванне, што па не характэрнай для беларускай мовы назве ўгадваецца яе лёс – у мінулым стагоддзі, напэўна, яна зазнала перайменаванне.

Каты, Лавы, Пацы: падарожжа па вёсках з цiкавымi назвамi

Незайздросны лёс у вёскі Прышыхасты – з 1940 года гэты населены пункт завецца Першамайскам. Сённяшні населены пункт Пігасы мог бы звацца Паясамі. Так месцічы называюць сваю малую радзіму.

Населеныя пункты з назваю Хідры ёсць у некалькіх раёнах Брэсцкай вобласці, у тым ліку ў Драгічынскім (Папінскі с/с). Назва нібыта паходзіць ад старабеларускага слова «хідра», што азначае «змяя балотная».

У Асавецкім і Драгічынскім сельскім саветах ёсць вёскі з падобным, магчыма, мінулым – Гута і Гутава. Напэўна, раней у гэтых мясцовасцях былі невялікія прадпрыемствы, дзе выраблялася шкло. А можа, у Гутаве любілі гутацца, скажам, на арэлях як дзеці, так і дарослыя.

У Татарнавічах і Татар’і, напэўна, калісьці даўно было шмат татараў. Першыя асацыяцыі, калі чуеш Літоўск і Губерню звязаны з рознымі перыядамі ў нашай гісторыі. У Зёлава, мабыць, жылі народныя лекары, якія лячылі людзей пры дапамозе зёлак. У Вірах, магчыма, трэба быць асцярожным на вадзе. А ў Пухавой, можа быць, расло шмат таполяў, падчас цвіцення якіх тапаліны пух засцілаў усю вёску. У Драгічынскім раёне багата цікавых тапонімаў з адмысловымі назвамі: Цыбкі, Буды, Кублік, Субаты, Жабер, Гнілец, Бобкі, Леснікі, Ялач, Новікі, Брадок, Суткі, Мікіцк, Усходы, Немяржа… Знаёмства з імі, упэўнена, стане для вас прыемным адкрыццем. Адна толькі просьба – спяшайцеся!